«А ты хто такі?» Срач вакол асобы Лявона Вольскага — як маркер культуры беларуса

Культ • Аляксандр Памідораў

Вядомы (не ўсім) музыка Аляксандр Памідораў сам у шоку ад таго, што прыйшоў час тлумачыць каля-культурнай прасторы, хто такі Вольскі. Але чамусьці яму атрымліваецца паразважаць на тэму, хто такія беларусы.

Адным з нематэрыяльных сымбаляў ці ўласцівасьці Беларусі з'яўляецца захапляльны срач паміж яе грамадзянамі. Пасрацца беларусы могуць на чым заўгодна. Нават у летнюю спёку, калі палітычныя і сацыяльныя праблемы адыходзяць на трэці план, ніхто не адменіць спрэчку з-за рэцэпту драніка на пару сотняў каментаў. 

Спякотная сярэдзіна лета падарыла нам высвятленне адносінаў у беларускім творчым асяроддзі. Уплывовы музычны журналіст Аляксандр Чарнуха апублікаваў развагу-меркаваньне аб тым, што ў культурцы ў нас усе… ну, скажам так, дрэнна. Майстар слова лаканічна заўважыў, што вырасла пакаленне, што ня ведае нават асобу Лявона Вольскага. І беларуская каля-культурная, каля-музычная прастора ператварылася ў Панікоўскіх ды Балаганавых, высвятляючы «а ты хто такі?». І заадно «а хто такі, увогуле, Вольскі?». 

Апусьцім відавочны факт, што шаноўная грамада не звярнула ўвагі на агульны кантэкст слушнага выказвання, а зрэагавала на адно прозьвішча. У прынцыпе адно гэта кажа пра тое, што асоба Лявона Вольскага нешта значыць. Але, калі б беларусы прытрымліваліся гэтай логікі, дык срачык бы не адбыўся, беларусы не былі беларусамі. Нажаль.

Беларусь вельмі цікавая краіна, вывучаць і даследваць яе і людзей, што яе насяляюць — задавальненне. Напрыклад, пры тым, што ад Менска да Вільні няпоўных 190 кіламетраў, ад Менску да Варшавы, ці Кіева  — каля 560 кіламетраў, у большасьці мы не ўяўляем сабе, што адбываецца ў сучаснай музыцы ды культуры нашых суседзяў. Нават у сваёй (пакуль што) краіне дагэтуль ідзе так: ў Менску слаба ведаюць пра тое, што граюць ў Магілёве, берасцейскія і ня чулі, што там у Віцебску, гарадзенцам пофігу сталічныя справы. Дзякуй Богу і Gods Tower усе ведаюць і шануюць Гомель.

У такой сітуацыі зусім не здзіўляе атамізацыя культурна-музычнай прасторы, зацыкленасьць толькі на сабе. Чым і карыстаецца ўлада, бесперапынна падзяляючы падпарадкаванае грамадства. А тут толькі пачні — грамадства з задавальненнем амёбы пачне дзяліцца само да бясконцасці. Вось і добра, усе пры справе, можна новы закон пра суд над мерцвякамі прымаць.

А мерцвякоў у беларускай культуры, прынамсі музыцы, багата. Вуглеродна-бялковыя істоты ня маюць вечнага жыцця, акрамя, як у памяці суродзічаў, суседзей, знаёмых. Творчае жыццё, калі ты ўвесь час, альбо ня робіш новага, альбо не працягваеш развіваць аднойчы намацанае, карацейшае за чалавечае. Ды нават мёртвых сваіх артыстаў Беларусь старанна не шануе. Таму можа лепш глыбей пацікавіцца творчасцю яшчэ жывых? Тваіх сучаснікаў, хто фактычна стварыў сучасную беларускую культурную і музычную прастору?

Пяць пакаленняў беларусаў так ці інакш зьвязаныя з прозвішчам Вольскі. 

Віталь Вольскі, пісьменнік, паэт, драматург, гісторык. Ён вярнуў беларусам аднаго з нацыянальных кемлівых герояў — Несьцерку. Яго сын, Артур Вольскі, таксама пісьменнік, драматург, літаратар, дырэктар Тэатру Юнага гледача, рэдактар часопісаў. Яго сын, Лявон Вольскі (мама, а хто гэта?) — мастак, музыка, паэт, пісьменнік, журналіст, радыё- і тэлевядучы. Стваральнік адной з двух першых беларускіх рок-груп «Мроя». Бесперапынна творча «функцыянуе» з 1983 году, нават калі палічыць два гады ў савецкім войску — уаў,  40 год дзейнасці! Сапраўдная эвалюцыя: хард рокавая (ці stod-rock) «Мроя» на адзінаццатым годзе існавання ператвараецца ў музычна больш актуальны часу гурт «N.R.M.», праз семь год узьнікае агрэсыўны сайд-праект «Zet», адначасова паспяховая спроба ў галіне пап-музыкі «Крамбамбуля».

Гэта не кажучы пра дзве візітныя музычныя карткі Беларусі: супольны праект «Народны Альбом», і відэа «Кароткая Гісторыя Беларусі». Па матывах гэтага роліку падобныя «гісторыі» зрабілі і літоўскія, і ўкраінскія дзеячы.

У музыцы спрацаваў ва ўсіх папулярных жанрах. Некаторыя музыкі асэнсавана, ці не, у сваёй творчасці «цытавалі» тыя, ці іншыя распрацоўкі Вольскага&Co. Часам, мне здаецца, што Лявон не паспрабаваў сябе толькі ў жанры стэнд-апу. Можа і добра.

Нічога кепскага няма ў тым, што новае пакаленне шукае свае шляхі, герояў. Ды яшчэ адная завядзёнка ёсьць у Беларусі: калі здараецца нейкая смутная ці наадварот падзея, калі трэба гучна пра нешта распавесці, хай сабе і з нейкіх прынцыповых пазіцый, на момант папулярныя ды «раскручаныя» маладыя гурты і артысты, у большасці, кудысьці зьнікаюць. Справу робяць ізноў людзі, з вядомымі за 40 год прозвішчамі.

Зараз казаць, што ня ведаеш гэтага прозвішчаў у Беларусі — гэта альбо ты вельмі самаўпэўнены ў сваім шляху чалавек, альбо існуючая улада і уладная адукацыя дасягнулі сваіх мэтаў. Каб аніхто ня ведаў яшчэ Ігара Варашкевіча, гуртоў «Бонда» і «Крама» Вячаслава Кораня, гурт «Уліс», Касю Камоцкую і яе гурт «Новае Неба», Алеся Камоцкага, Зьміцера Вайцюшкевіча, Стаса Пачобута, Алеся Дзянісава, Юрыя Стыльскага, Івана Іванавіча Кірчука, Вераніку Круглову і гурт «Крыві».

Ці каб ніхто ня ведаў пайшоўшых: Аляксанда Куллінковіча і Юрыя Навумава ды гурт «Нейра Дзюбель», Леаніда Нарушэвіча, Сьвятаслава Хадановіча, Аляксандра Уракава, Ігара Маскаленку, Ігара Маскоўкіна, Андрэя Плясанава, Вітаўта Мартыненка, Анатоля Мельгуя, Міхала Анемпадыстава, Алеся Пушкіна — абодва гэтыя спісы няпоўныя.

У нармальнай краіне творчасьць і жыццё ўзгаданых людзей выкладаюць у школах, пішуць дыплёмныя праекты ды абараняюць дысертацыі, часам, здымаюць фільмы. 

Але, здаецца, «не ў маю зьмену». У маю, прадбачу, я пачую чарговае пытаньне: а што гэта за людзі? 

Падабаецца, ці не падабаецца Лявон Вольскі, ці хто яшчэ з вышэй згаданых асобаў — справа ўласнага густу, настрою і кішэні. Яны проста ёсьць. І, напэўна, незаўважна для кагосьці, паўплывалі на развіццё і жыццё. Вашая любоў, ці нянавісць ніяк не адаб’ецца на іх жыцці і творчасці. Канешне, калі вы не Марк Дэвід Чэпман.

Топ 10 Вольскага па версіі Аляксандра Памідорава

· Простыя словы

· Тры чарапахі 

· Паветраны шар

· Краіна крывавых дажджоў

· Абсэнт

· Лепей не будзе

· Руская песня

· Я нарадзіўся тут

· Радзіма-Свабода

· Госці

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Такія пытанні беларусы сабе ніколі не задавалі». Што калі скінуцца на агульную маёмасць? Новая ідэя, як усё змяніць

Культ • Цімафей Акудовіч

Гісторык і культуролаг Цімафей Акудовіч трапна заўважае, што беларусы за мяжой звычайна здымаюць памяшканні, не маюць маемасці. «Гэта ўсе сведчыць пра нашую залежнасць, карэкціроўку задач пад праблему выжывання». Як вам яго прапанова скінуцца на агульную маемасць і нават зрабіць з гэтага «выбарчую кампанію»?